Архив новостей - Отдел по образованию Малоритского райисполкома
Размер шрифта
A- A+
Межбуквенное растояние
Цвет сайта
A A A A
Изоображения
Дополнительно

Архив новостей

15.12.2022

Кірмаш мэтавай падрыхтоўкі

На базе СШ №2 прайшло прафарыентацыйнае мерапрыемства “Кірмаш мэтавай падрыхтоўкі” для вучняў 9 і 11 класаў устаноў адукацыі горада.

‒Асноўная мэта, якую мы ставілі, ‒ гаворыць загадчык сектара аховы дзяцінства аддзела па адукацыі райвыканкама вядучая мерапрыемства Людміла Кучарук, ‒ гэта вырашэнне пытання дэфіцыту кадраў, пашырэнне і павышэнне эфектыўнасці мэтавай падрыхтоўкі, узмацненне прафарыентацыйнай работы, павышэнне матывацыі старшакласнікаў да ўзвядомленага і асэнсаванага выбару прафесіі.

Для 11-класнікаў уступная кампанія пакуль пастаўлена на паўзу. Цяпер найбольш важным для іх з’яўляецца падрыхтоўка да цэнтралізаваных экзаменаў і здачы цэнтралізаванага тэсціравання. А ўжо потым наступіць гарачая пара паступлення. У такі час абітурыенты шукаюць любую магчымасць “падстрахавацца”, абы толькі трапіць у патрэбную навучальную ўстанову, каб набыць спецыяльнасць. Выратавальным кругам для многіх можа стаць мэтавае накіраванне. Для абітурыентаў гэта ‒ своеасаблівая падушка бяспекі. Мэтавае накіраванне гарантуе першае месца працы ў раёне, таму не прыйдзецца хвалявацца за размеркаванне. Да таго ж, некаторыя арганізацыі ажыццяўляюць сваім “мэтавікам” надбаўку да стыпендыі. Абавязковы тэрмін адпрацоўкі для такіх маладых спецыялістаў складае 5 гадоў (з вышэйшай адукацыяй), 3 (з сярэдне-спецыяльнай) ці 2 гады (з прафесійна-тэхнічнай). У гэты тэрмін уключаецца час праходжання службы ва Узброеных Сілах і іншых воінскіх фарміраваннях, а таксама дэкрэтны адпачынак. Але атрымаўшы на рукі накіраванне, расслабляцца таксама не варта, Сярод “мэтавікоў” таксама ёсць конкурс, і дамова – не стопрацэнтная гарантыя. Да прыкладу, на нейкую спецыяльнасць выдзелена 10 месцаў, а жадаючых 13. У такім выпадку выберуць тых, у каго больш высокія балы, астатнія ж вымушаныя будуць удзельнічаць у агульным конкурсе.

На “Кірмашы мэтавай падрыхтоўкі” выступілі прадстаўнікі арганізацый-заказчыкаў кадраў, якія зацікаўлены ў заключэнні дамоў аб падрыхтоўцы спецыялістаў на мэтавай аснове. З цікавасцю слухаліся выступленні вядучага спецыяліста па арганізацыі вучэбнага працэсу эканамічнага факультэта Брэсцкага тэхнічнага ўніверсітэта Вольгі Макарчук, старшага выкладчыка кафедры электрабудавання сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Беларускага агранага тэхнічнага ўніверсітэта Аляксандра Сілюцкага, кандыдата фізіка-матэматычных навук, дацэнта, загадчыка кафедры прыкладной матэматыкі і інфарматыкі Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна Дзмітрыя Грыцука, выкладчыка кафедры вышэйшай матэматыкі і фізікі Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі (г.Горкі) Мікалая Дубіны. Яны расказалі пра свае ўстановы адукацыі, матэрыяльна-тэхнічную базу, конкурсы мінулых гадоў для абітурыентаў… Падчас выступленняў прадстаўнікоў ВНУ былі прадэманстраваны відэапрэзентацыі.

Шмат карыснай і неабходнай інфармацыі старшакласнікі даведаліся ад старшага інспектара па кадрах аддзела па адукацыі Маларыцкага райвыканкама Іны Чуль, старшага інспектара па кадрах Маларыцкай цэнтральнай раённай бальніцы Таццяны Цёмкінай, начальніка аддзела па працы і занятасці насельніцтва ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Маларыцкага райвыканкама Таццяны Хатынюк, галоўнага спецыяліста ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Маларыцкага райвыканкама Аляксандра Шырокава.

Напрыканцы сустрэчы старшакласнікі атрымалі адказы на ўсе пытанні, якія іх цікавілі, а таксама ‒ агітацыйныя-рэкламныя матэрыялы пра ўстановы адукацыі.

Кожнаму чалавеку даводзіцца выбіраць прафесію. Фінансавы стан сям’і, наяўнасць ці адсутнасць пэўнай установы адукацыі па месцы жыхарства, прыклад бацькоў – гэтыя і многія іншыя прычыны ўплываюць на прафесійны выбар. Зрабіць яго – складаны і адказны крок у жыцці, бо ад правільнасці выбару залежыць далейшы лёс. На жаль, бывае, што часта выбар ажыццяўляецца без належнага абдумвання, на аснове інтуіцыі, жаданняў і захапленняў, пад уплывам знаёмых, сяброў ці бацькоў. А вось такія мерапрыемствы, як “Кірмаш мэтавай падрыхтоўкі”, прымушаюць яшчэ задумацца, сур’ёзна, грунтоўка і асэнсавана аднесціся да выбару свайго самастойнага прафесійнага шляху.