Архив новостей - Отдел по образованию Малоритского райисполкома
Размер шрифта
A- A+
Межбуквенное растояние
Цвет сайта
A A A A
Изоображения
Дополнительно

Архив новостей

12.03.2021

Нэлі Шпетная — выдатнік адукацыі!

Настаўніца біялогіі раённай гімназіі Нэлі Шпетная адзначана нагрудным знакам Міністэрства адукацыі “Выдатнік адукацыі”. Узнагароду яна атрымала ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Я. Купалы (г. Мінск) на ўрачыстым пасяджэнні, прысвечаным Міжнароднаму жаночаму дню, з рук намесніка Міністра адукацыі Аляксандра Кадлубая.

Між іншым, Нэлі Андрэеўна стала ўжо пятым педагогам Маларытчыны, які атрымаў такую высокую дзяржаўную ўзнагароду. Знакі “Выдатнік адукацыі” цяпер у раёне маюць пераможца рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагогаў “Крыштальны журавель-2001”, настаўнік геа­графіі раённай гімназіі Вадзім Шпетны (2006), дырэктар Збуражскага д/с-СШ Іван Наўрось (2007), былы дырэктар Ланской СШ Ганна Шпетная (2013), настаўнік беларускай мовы і літаратуры раённай гімназіі Мікалай Навумчык (2018). Нэлі Шпетная — вопытны педагог, майстар сваёй справы, які садзейнічае творчаму развіццю адораных дзяцей. Яе вучні не адзін раз былі пераможцамі і прызёрамі другога і трэцяга этапаў рэспубліканскіх алімпіяд. Нэлі Шпетная так­сама з’яўляецца рас­працоўшчыкам дзевяці модуляў па біялогіі для адзінага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурса для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, лектарам-практыкам Брэсцкага абласнога інстытута развіцця адукацыі, пра­водзіць майстар-класы для настаўнікаў раёна, вобласці, рэспублікі, з’яўляецца рэцэнзентам дыдактычных і дыягнастычных матэрыялаў для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі краіны.

Да вяршынь педагагічнага майстэрства Нэлі Шпетная ішла не адзін год. На гэтым доўгім шляху былі непахіс­ная ўпэўненасць у сабе і хваляванні, радасць перамог і горыч расчараванняў, узлёты і нават невялікія падзенні. Гэта адначасова і засмучала, і надавала сілы працаваць лепш, стымулявала да творчасці, падштурхоўвала да пошуку і руху наперад. Майстэрству і многім педагагічным хітрыкам вучылася найперш у Ганны Максімаўны Шпетнай, а таксама ў мужа Вадзіма Паўлавіча. Разам з ім пераймалі вопыт не толькі ў калег, але і адно ў аднаго. Дзякуючы сумесным намаганням, многае паспрабавалі, усвядомілі, адабралі і ўкаранілі ў штодзённую работу. І гэта цяпер дае станоўчы эфект.

Мікалай НАВУМЧЫК

Источник: Голас часу