Архив новостей - Отдел по образованию Малоритского райисполкома
Размер шрифта
A- A+
Межбуквенное растояние
Цвет сайта
A A A A
Изоображения
Дополнительно

Архив новостей

11.08.2017

Прайшлі прыёмку

Да пачатку новага навучальнага года засталося зусім мала часу. У гэтыя дні калектывы ўстаноў адукацыі Маларытчыны завяршаюць запланаваныя рамонтныя работы.

Прыярытэтныя накірункі пры падрыхтоўцы да новага навучальнага года – стварэнне неабходных умоў для арганізацыі адукацыйнага працэсу, прывядзенне будынкаў і збудаванняў у патрэбны санітарна-тэхнічны і эстэтычны стан, забеспячэнне іх бяспечнай эксплуатацыі. Знаходжанне вучняў ва ўстановах адукацыі павінна быць максімальна камфортным і бяспечным. Такая работа вядзецца пастаянна, але ў летні перыяд значна актывізуецца. Гэта пацвердзіла планавая прыёмка ўстаноў адукацыі раёна да новага навучальнага года, якая сёлета праходзіла з 7 па 11 жніўня.

Камісію ўзначаліў Вадзім Шпетны, намеснік старшыні райвыканкама. У яе склад увайшлі: Таццяна Лаўрэенка, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму маларыцкага райвыканкама, Сяргей Хатынюк, начальнік групы матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння РААСіТ, а таксама прадстаўнікі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, цепла-тэхнічнай і электра-тэхнічнай інспекцый дзяржэнерганагляду, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.

Камісія звяртала ўвагу на падрыхтоўку кожнай установы адукацыі ў плане рамонту і абнаўлення матэрыяльна-тэхнічнай базы, добраўпарадкавання прышкольнай тэрыторыі, ацэньвала санітарна-гігіенічны стан вучэбных кабінетаў і майстэрняў, спартыўных і актавых залаў, калідораў, харчблокаў, цеплавузлоў, спартыўных пляцовак, правярала наяўнасць інструктыўна-метадычнай дакументацыі…

Установы адукацыі сустракалі пахам свежай фарбы. Ва ўсіх іх праведзены неабходны касметычны рамонт — афарбоўка, паклейка, пабелка класаў, калідораў, спортзалаў і актавых залаў. На тэрыторыях устаноў адукацыі шмат разнастайных кветнікаў і кветак. На кожным квадратным метры адчуваецца прысутнасць рукі сапраўднага, клапатлівага і дбайнага гаспадара. Куды ні кінеш погляд – усюды чысціня, парадак, выдумка і творчая фантазія. Зробленае педагагічнымі калектывамі здзіўляе незвычайным падыходам, новымі задумкамі ў афармленні сваіх тэрыторый і памяшканняў. Многія прышкольныя ўчасткі і ўчасткі ля дзіцячых садкоў нагадваюць сапраўды казачныя тэрыторыі.

- Новы навучальны год сёлета пачнецца ў 37 установах адукацыі раёна, – гаворыць Таццяна Лаўрэенка. – Выкананы вялікі аб’ём работ. Добра папрацавалі адміністрацыя, педагогі, тэхперсанал многіх устаноў адукацыі, а таксама вучні і іх бацькі. Установы адукацыі зрабілі ўсё магчымае, каб прыстойна сустрэць сваіх вучняў 1 верасня. Немалыя ўласныя, фізічныя і матэрыяльныя, намаганні прыклалі шэфы, настаўнікі і бацькі вучняў.

Што датычыць фінансавання работ, дык у кожнай установе адукацыі выкарыстоўвалі не толькі бюджэтныя сродкі, але і ўласна заробленыя, дапамога шэфаў і спонсараў. Да прыкладу, у Ляхавецкім д/с-СШ на падрыхтоўку да новага навучальнага года затрачана 2500 рублёў, у Макранскай СШ – 1600 рублёў, у Лукаўскай СШ - 1000 рублёў.

Адчувальную дапамогу ў падрыхтоўцы да новага навучальнага года аказаў райвыканкам. Напрыклад, з раённага бюджэту выдзелена фінансаванне на бягучы рамонт харчблока Чарнянскай СШ, бягучы рамонт дахаў Пажэжынскай БШ і Арэхаўскай СШ, даху спартыўнай залы Дарапеевіцкага д/с-СШ, на капітальны рамонты даху Чарнянскага дзіцячага сада.

Акрамя таго, у раённую гімназію закуплена мэбля ў сталовую для харчавання (сталы, крэслы), ва ўстановы адукацыі раёна - канторкі (118 штук; высокія пісьмовыя сталы з нахіленай дошкай, за якім працуюць стоячы або седзячы на высокай табурэтцы), камп’ютарныя крэслы (46 штук), набыты посуд на суму 5000 рублёў, а на 7000 – у працэсе закупкі. У СШ №1 за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту цалкам абсталяваны сучасны кабінет фізікі з інтэрактыўнай дошкай і мультымедыяпраектарам. У яслі-садзе №6 за кошт бацькоў набыла 25 камплектаў дзіцячай мэблі…

Экзамен на гатоўнасць да новага навучальнага года вытрымалі ўсе ўстановы адукацыі раёна, ва ўсіх іх пашпарты гатоўнасці будуць падпісаны да 1 верасня.

⃰ ⃰ ⃰

Члены камісіі па прыёмцы ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года звярнулі ўвагу на тое, што ў многіх з іх ёсць прышкольныя вучэбна-вопытныя ўчасткі. Штогод на іх вучні і педагогі вырошчваюць гародніну ў першую чаргу для сваіх патрэб. Гэта зніжае кошт аплаты за харчаванне ў сталоўцы. А яшчэ вырашчаная сваімі сіламі сельгаспрадукцыя – крыніца папаўнення пазабюджэтных сродкаў.

Прышкольны вучэбна-вопытны ўчастак Макранскай сярэдняй школы – адзін з самых вялікіх сярод устаноў адукацыі раёна. Яго плошча – больш чым адзін гектар. На прышкольным вучэбна-вопытным участку вучні вырошчваюць цыбулю, буракі, памідоры, капусту, кроп… У планах установы адукацыі, па словах Валянціны Літвін, дырэктара, сёлета нарыхтаваць 150 кг цыбулі, капусты і морквы, 100 кг – буракоў, 30 кг – агуркоў, 10 кг – фасолі…

Аддзел адукацыі, спорту і турызму Маларыцкага райвыканкама выказвае шчырую падзяку ўсім спонсарам і шэфам, якія аказалі фінансавую дапамогу пры падрыхтоўцы ўстаноў адукацыі раёна да новага навучальнага года.

Мікалай НАВУМЧЫК.

На здымку: установы адукацыі Маларытчыны гатовы да пачатку новага навучальнага года.

Фота аўтара.